Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле "Лексіка і фразеалогія"
план-конспект урока (5 класс)
План-канспект урока беларускай мовы ў 5 класе. Тып урока: урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў. Форма правядзення: урок-падарожжа. Міжпрадметныя сувязі: беларуская літаратура, гісторыя, геаграфія, музыка.
Скачать:
Вложение | Размер |
---|---|
plan-kanspekt_uroka_leksika_i_frazealogiya_5_kl.doc | 595.5 КБ |
Предварительный просмотр:
Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле
“Лексіка і фразеалогія”
(V клас)
Мэта: садзейнічаць паўтарэнню і паглыбленню ведаў вучняў па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”.
Задачы: замацаваць уменні падбіраць антонімы, сінонімы, амонімы; знаходзіць словы ў прамым і пераносным значэнні, фразеалагізмы; адрозніваць адназначныя і мнагазначныя словы; удасканальваць уменне работы са слоўнікамі розных тыпаў; развіваць актыўнасць вучняў, творчае мысленне; фарміраваць уменне працаваць у камандзе; абуджаць цікавасць да беларускай мовы, выхоўваць любоў да малой Радзімы, павагу да памяці пра мінулае.
Тып урока: урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў.
Форма правядзення: урок-падарожжа.
Абсталяванне і раздатачны матэрыял: вучэбны дапаможнік для 5 класа, схема-карта падарожжа, аўдыёзапісы народных песень, выстава слоўнікаў “Лекі ад сумненняў”, камп’ютар, праектар, прэзентацыя з заданнямі, карткі для калектыўнай і індывідуальнай працы, крыжаванка “Лексіка”.
Міжпрадметныя сувязі: беларуская літаратура, гісторыя, геаграфія, музыка.
Эпіграф:
А гэта – вандроўка праз сёлы,
Праз край мой шырокі, вясёлы,
Бясконцыя нівы, дубровы –
У маю беларускую мову.
Максім Танк
Ход урока
І. Арганізацыйны момант
Добры дзень, дзеці! “Добры настрой – гэта палова поспеху”, - казалі стражытныя грэкі. Таму давайце шчыра ўсміхнёмся адзін аднаму. Я вітаю ўсіх і рада бачыць вас такімі бадзёрымі, вясёлымі і здаровымі. Сёння на ўроку я прапаную вам адправіцца ў падарожжа. Ці згодны вы?
ІІ. Уступнае слова настаўніка.
Мы пачынаем не звычайны ўрок, а ўрок-падарожжа па нашай малой Радзіме. Наведаем навакольныя вёскі, якія ўтвараюць чароўнае кола вакол вадасховішча Пагост. Жыхары вёсак падрыхтавалі спецыяльна да нашага ўрока цікавыя заданні. Чым цікавыя? Тым, што выконваючы іх, мы адначасова будзем паўтараць веды па лексіцы, фразеалогіі і даведвацца нешта новае пра суседнія населеныя пункты.
Мэтай нашага падарожжа з’яўляецца падагульненне ведаў па раздзеле. Лексіка - краіна ведаў, глыбокая, неабсяжна шырокая, поўная нечаканасцей, як і наша возера Пагост. За кожнае заданне каманды будуць атрымліваць балы. У канцы ўрока вызначым пераможцу па большай колькасці запрацаваных балаў.
ІІІ. Гульня-падарожжа.
Настаўнік: Увага на экран! Гэта карта нашага падарожжа (на слайдзе).
Прыпынак “Новы Двор”. Лінгвістычны дослед “Эрудыт”
Настаўнік: Пачынаем захапляльную вандроўку з аграгарадка Новы Двор. Сваё гарачае прывітанне дасылаюць вам выпускніцы нашай школы Масюк Валянціна і Нарывончык Лізавета, а таксама Нарывончык Аляксандр, вучань сёмага класа. Нашы добрыя сябры пішуць вершы, і сёння мы папрацуем з некаторымі іх творамі. Самі тэксты і заданні вам былі дадзены загадзя, таму што прадугледжвалі працу са слоўнікамі: фразеалагічным, тлумачальным, слоўнікам сінонімаў і слоўнікам антонімаў. (Максімальны бал за выразнае чытанне – 3. За дослед і тлумачэнне – 4 балы).
Першая каманда працавала з байкай Валянціны Масюк “Мірон і куры”. Заданне: выпісаць фразеалагізмы, растлумачыць іх значэнне. (Тэкст байкі на экране і на партах).
Падрыхтаваная вучаніца выразна чытае верш. Другі вучань знаёміць з вынікамі працы сваёй каманды.
У мяне ёсць пёс Мірон.
Ой, праныра! Ой, шпіён!
Надта ж хітры і разумны,
Не бывае з ім мне сумна.
Вось гляджу ў акно: ляжыць,
Мабыць, спіць, бо ўсё маўчыць.
А навокал ходзяць куры
І дзяўбуць з яго каструлі.
Ён і вухам не паводзіць,
Што ўжо й кот з курамі ходзіць.
Праз яго ледзь не ступаюць
Ды каструлю ўсё качаюць.
Толькі я на ганак крочу –
Мой Мірончык як падскочыць,
Кінецца ўсіх разганяць,
Аж да хрыпаты брахаць.
Вушы ўгору, хвост тырчыць.
“Я тут гаспадар!” – крычыць.
І ланцуг амаль зрывае,
Жаху добра наганяе.
Куры збеглі хто куды,
Кот узлез пад правады.
Церпяліва ўсе чакаюць,
Справу сваю добра знаюць.
Толькі лязгну я замком –
Скруціцца Мірон клубком.
І ўсё так, як раньш было:
Хоць квактусе пад крыло.
Ўсім знаёмыя Міроны –
Іх такіх, мабыць, мільёны:
На паказ дай пабрахаць,
Абы б хлеб адпрацаваць.
Адказ: Вухам не весці (не паводзіць) – не звяртаць ніякай увагі, ніяк не рэагаваць; наганяць жаху – без патрэбы пужаць; хоць квактусе пад крыло – пра чалавека добрага, лагоднага; брахаць на паказ – сварыць каго-небудзь публічна, гаварыць лішняе, выхваляцца; бегчы хто куды – не выбіраючы дарогі, куды папала.
Настаўнік: Другая каманда працавала з вершам Аляксандра Нарывончыка “Шчасце – жыць у мірнай краіне!”. Гэта верш-прысвячэнне 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Заданне: выпісаць сінонімы і антонімы з тэксту. (Тэкст верша на экране і на партах.) Падрыхтаваная вучаніца выразна чытае верш. Другі вучань знаёміць з вынікамі працы сваёй каманды.
Шчасце – жыць у мірнай краіне,
Дзе марна лёс чалавека не гіне.
Шчасце – ніколі не бачыць вайны,
Аб ёй мне раскажуць Хатыні званы.
Аб ёй прабабуля прашэпча, праплача:
- Вайна – гэта смерць, гэта голад, нястача.
Вайна – гэта боль, хваробы і страты,
Малітвы па сыне, па бацьку, па браце.
Нам цяжка такое сабе ўявіць,
Тым больш, перанесці ды перажыць,
Як кроў маладую за мір пралівалі,
Жыццё за ідэю, за нас аддавалі.
Умоўнае часта за шчасце прымаем,
Ў часовым, камфортным яго мы шукаем.
І так у пагоні за заўтрашнім днём
Без міру ў сэрцы звыкла жывём.
Дык дзе ж яно, шчасце? Што ці якое?
Задай прабабулі пытанне такое.
- А шчасце ёсць мір, у душы і на небе,
Калі ты не трызніш аб цёплым, аб хлебе.
Калі ты плануеш, працуееш, расцеш,
Шукаеш, знаходзіш і аддаеш,
І дзякуеш людзям, і дзякуеш Богу
За тую вясну, за май, Перамогу!
Вось якім шчасцем вы даражыце,
Дабру і краіне аддана служыце!
Тады Беларусь будзе вольнай заўжды!
Пад небам хай мірным праходзяць гады!
Адказ. Сінонімы: перанесці, перажыць; голад, нястача; боль, хвароба; шчасце, дабро.
Антонімы: Мір – вайна, ніколі – заўжды, жыццё – смерць, жыць – гінуць, шукаеш-знаходзіш.
Настаўнік: Трэцяя каманда працавала з вершам Лізаветы Нарывончык “Сон”. Заданне наступнае: выпісаць словы, якія “рызыкуюць” стаць устарэлымі, а таксама тыя словы, што адносна нядаўна прыйшлі ў мову. (Тэкст верша на экране і на партах.)
Падрыхтаваная вучаніца выразна чытае верш. Другі вучань знаёміць з вынікамі працы сваёй каманды.
Я скажу вам па сакрэту:
Сон прысніўся ноччу гэтай,
Дзіўны, цьмяны ды мяцежны.
Ці ён родны, ці замежны?
Так здаецца, жну я жыта,
Серп, як месячык, нібыта.
І валошка ўздоўж мяжы,
Бусел важна закружыў...
Потым сніцца карагод,
Не такі, бы ў Новы год.
Замест дзетак ходзяць рэчы,
Старадаўнія, дарэчы:
Лён, каноплі, верацёны,
Чаўнакі, прасы, услоны,
Дзежка, ступа, маслабойка,
Ночвы, ходнікі і койка.
Песню сумную вядуць,
Развітальную пяюць,
Што знікае наша мова,
Пачынаецца свет новы…
Тут і скончыўся мой сон,
Даў задумацца мне ён,
Як змяніўся белы свет,
Сам прадоўжыўся куплет:
Вэб-старонка, інтэрнэт,
Ё-мабіль, планшэт, айпэт,
Сэнсар, флэшка, навігатар,
Мульціварка, рэгістратар.
Рэчы гэты навамодны
Сталі надта неабходны.
Разам з імі ў нашу мову
Так трапляюць навасловы.
Саму ж мову мала чуем,
Больш чужую мы шануем.
А між тым, яна каштоўнасць,
Скарб, багацце, а не ўмоўнасць.
Продкі мову зберагалі,
Нам у спадчыну давалі,
Разам з мірнаю краінай,
Самабытнаю, гасціннай.
І мы можам пахваліцца:
Мелі шчасце нарадзіцца
Тут, у чыстай прыгажосці,
У бясконцай маладосці.
Дык шануй ты мову, край,
Для нашчадкаў зберагай!
Устрэлыя словы: серп, каноплі, верацёны, чаўнакі, услоны, дзежка, ступа, маслабойка, ночвы, ходнікі, койка.
Неалагізмыя: вэб-старонка, інтэрнэт, ё-мабіль, планшэт, айпэт, сэнсар, флэшка, навігатар, мульціварка, рэгістратар.
Прыпынак “Чухава”. Гульня “Як хто гаворыць?”
Настаўнік: Мы рухаемся далей на поўнач і трапляем у суседнюю вёску Чухава. Здаецца, усяго толькі тры кіламетры паміж населенымі пунктамі, а гаворка (ды і менталітэт) жыхароў некалькі адрозніваецца. Чухаўцы падрыхтавалі няпростае заданне: падабраць да слоў з іх дыялекта адпаведныя па сэнсе словы навадворскай гутаркі, а таксама словы беларускай літаратурнай мовы (заданне на картках).
Чухаўскі дыялект | Навадворскі дыялект | Беларуская мова |
Клюка | Драпак | Капачка |
Штахетына | Балясына | Штыкеціна |
Поганы | Нычогі | Дрэнны |
Гора | Покот | Гара, паддашак |
Вузке | Гузке | Вузкае |
Озыро | Гозыро | Возера |
Лопатка | Заступ, шуфля | Лапата, рыдлёўка, шуфель |
Каманды абменьваюцца карткамі. Праводзіцца ўзаемаправерка (на экране запоўнены варыянт). За кожны правільны адказ – 1 бал.
Прыпынак “Ботава”. Гульня “Наадварот”
Мы апынуліся ў вёсцы Ботава. Нас сустракаюць ветлівыя старажылы, якія падрыхтавалі невялікае паведамленне пра свой населены пункт, пра сябе. І тут жа прыхавалі для нас наступнае заданне: запісаць у клеткі супрацьлеглыя па значэнні словы і прачытаць зашыфраванае слова.
У вёсцы людзей засталося МАЛА (161 чалавек на 14.11.2017) | |||||
Народ у нас адкрыты, ВЯСЁЛЫ | |||||
Жыццё ідзе размерана, ПАВОЛЬНА | |||||
Не сустрэнецца вам тут чалавек ЗЛЫ | |||||
Не ўбачыш і дом ВЫСОКІ | |||||
Асабліва ў нас шануюць свята Дзясятуху (Дзясятая пятніца пасля Вялікадня). У гэты дзень падчас вайны (1941 год) усім жыхарам пагражала знішчэнне, але ўратаваў шчаслівы выпадак: загад у апошні момант чамусьці адмянілі. І гэта быў час ЛЕТНІ. | |||||
Амаль усе жыхары вёскі выйшлі на заслужаны АДПАЧЫНАК | |||||
Міласці просім у любую хату! Усюды вас сустрэнуць гасцінна і ШЧЫРА! |
Адказы: многа, сумны, хутка, добры, нізкі, доўгі, стома, лжыва.
Зашыфраванае слова – антонімы.
Каманды абменьваюцца карткамі. Праводзіцца ўзаемаправерка (на экране запоўнены варыянт). За кожны правільны адказ – 1 бал.
Прыпынак “Камень”. Фізкультхвілінка “Танцуюць толькі”
А вось і сама вёска Камень, дзе нас чакае актыўны адпачынак. Камяні называюць самымі старажытнымі сведкамі гісторыі Зямлі і чалавецтва. Мабыць, гэты камень, што ляжыць ля вёскі Камень, памятае яшчэ той час, калі людзі ў сваім маўленні ўжывалі зусім іншыя словы. Зараз такія словы лічацца ўстарэлымі.
Гучыць вясёлая народная музыка. Настаўнік агучвае устарэлыя словы, якія абазначаюць часткі цела. Вучні павінны прадэманстраваць танец толькі таго, што назваецца.
Очи (вочы), персты (пальцы), десница (правая рука), шуйца (левая рука), чало (лоб), ланиты (шчокі), длани (далоні),вежды (вейкі), уста (вусны).
Прыпынак “Боркі”. Лінгвістычная задача “Адкуль пайшла назва?”
Вёска Боркі – наступны прыпынак у нашым маршруце. Барчане ўмеюць гасцінна прымаць і прыемна здзіўляць. Вось і сёння яны падрыхтавалі для нас цікавую даведку. Аказваецца, на Беларусі 7 вёсак, якія называюцца Пагост, 13 Новых Двароў, а вёсак з назвай Боркі - аж 44! Праўда, ёсць невялікая заўвага. Вёсак з назвай Боркі ўсяго 22, але яшчэ ёсць 22 з назвай Баркі (па-руску пішацца аднолькава - Борки).
Паразважайце, адкуль пайшла назва вёскі? Чаму на Беларусі столькі многа Борак? (Вуснае выказванне. Поўны, абгрунтаваны адказ – 3 балы)
У час тлумачэння на экране даюцца значэнні амоніма бор.
БОР1, -у, месны склон у бары; множны лік бары, -оў; мужчынскі род
Стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Векавы бор. Цёмны бор. Верасы пад лісцем спалі, Бор зялёны гнуўся, Недзе пелі ў цёмнай далі Журавы ды гусі. Купала. Бягу думкай у край далёкі, У лес цёмны, у бор высокі. Цётка.
БОР2, -у, мужчынскі род
Хімічны элемент, які ўваходзіць у састаў многіх мінералаў. Бор і яго спалучэнні прымяняюцца ў ядзернай тэхніцы, а таксама ў медыцыне і сельскай гаспадарцы.
[Ад лац. borax.]
БОР3, -а, мужчынскі род
Стальны свердзел, які ўжываецца ў зубалячэбнай справе.
[Ад ням. Bohrer — свердзел.]
Настаўнік: Бясспрэчна, што назвы гэтых вёсак пайшлі ад слова «бор». У ваколіцах населеных пунктаў расло шмат сасновых лясоў, як і зараз.
Для даведкі: асноўная маса лясоў рэспублікі – хваёвыя. Найбольш распаўсюджаная парода – сасна (50%). У тыя далёкія часы, калі толькі ўзнікалі вёскі, хутчэй за ўсё, гэты працэнт быў значна большым.
Прыпынак “Пагост-Загародскі”.
Гульня для капітанаў “Веру – не веру”
Мы завіталі ў вёску з надта багатай гісторыяй. Хоць верце, хоць не, але яшчэ гадоў 25-30 таму гэта быў наш гандлёвы цэнтр (статус мястэчка Пагост-Загародскі меў з XVII стагоддзя).
Хоць верце, хоць не, але каранёвага насельніцтва тут зусім мала, бо ў 1941 годзе было створана гета, у якім акупанты знішчылі каля 1200 яўрэеў, амаль усё насельніцтва вёскі.
Запрашаем капітанаў каманд. Пагастчане жадаюць праверыць, ці ведаюць вучні значэнне запазычаных слоў.
Па чарзе кожнаму капітану прапануецца пэўнае сцверджанне. Калі ён згодны, то адкавзае «веру», а калі ж не, то дае свой адказ. Кожны правільны адказ – 1 бал.
Алегорыя – гэта іншасказанне. (Веру.)
Аргумент – гэта надпіс. (Не веру, гэта доказ)
Інтэлект – розум. (Веру.)
Паўза – гэта перапынак. (Веру.)
Гуманны – гэта ўпарты. (Не веру, гэта чалавечны.)
Дыскусія – гэта спроба. (Не веру, гэта спрэчка.)
Інцыдэнт – гэта выпадак. (Веру.)
Афіша – гэта вынік. (Не веру, гэта аб’ява.)
Лозунг – гэта пазыка. (Не веру, гэта заклік.)
Функцыя – прызначэнне. (Веру.)
Асістэнт – гэта памочнік. (Веру.)
Эпізод – здарэнне, выпадак. (Веру)
Рэстаўрацыя – гэта выстава. (Не веру, гэта ўзнаўленне.)
Эксперымент – дослед, спроба. (Веру.)
Прыпынак Вяз. Гульня “Жарты з жыцця”
Настаўнік: Невялічкая вёсачка Вяз у свядомасці многіх атаясамліваецца з рыбалоўствам і адпачынкам. Людзі сюды прыязджаюць розныя. І якіх толькі дзіўных гісторый ад іх не наслухаешся!
Кожнай камандзе чытаецца жарт. Задача гульцоў растлумачыць, чаму ўзнікла непаразуменне. Правільнае, дакладнае тлумачэнне – 2 балы.
Жарт для першай каманды:
-Бабуля, а што наш дзядуля захварэў?
-Чаму ты так вырашыла?
-Сёння, калі вы аб нечым спрачаліся, ты сама спытала, чаму ён заўсёды такі гарачы.
Адказ: Гарачы ўжыта ў пераносным зачэнні: пра чалавека азартнага, паспешлівага, мітуслівага.
Жарт для другой каманды:
- Глядзі, сынок, на свайго дзеда і вучыся, як трэба суп есці. Ён ужо дзве талеркі з’еў!
- Асцярожна, дзядуля, на парэжся! Талеркі ж шкляныя!
Адказ: З’еў дзве талеркі ўжыта ў пераносным значэнні: назва таго, што ўмяшчае, на тое, што ў ім умяшчаецца (метанімія).
Жарт для трэцяй каманды:
-А чаму ж мы не ўзялі з сабой касу? – спытала малая Верачка, калі машына спынілася.
-А навошта нам каса ў лесе? Мы ж у грыбы прыехалі! – здзівіўся тата.
- Я чула, як ты ўчора казаў бабулі, што грыбоў сёлета хоць касой касі!
Адказ: Хоць касой касі – многа (фразеалагізм).
ІV. Падагульненне. Рэфлексія.
Прынынак “Фініш. Новы Двор”. Крыжаванка “Адным словам”
Настаўнік: Наша вандроўка заканчваецца, і мы вятаемся ў аграгарадок Новы Двор. Нам трэба азірнуцца, паглядзець, каб часам не згубілі чаго па дарозе дадому. Таму паўторым, назавём яшчэ раз адным словам. (Крыжаванка на картцы і на экране.) Заўвага: усе словы-адказы ўжыты ў множным ліку.
1. | 8. | |||||||||||||
2. | ||||||||||||||
3. | ||||||||||||||
4. | ||||||||||||||
5. |
| |||||||||||||
6. |
| |||||||||||||
7. |
- Новыя словы, якія ўзніклі ў мове нядаўна для абазначэння новых прадметаў і з’яў. (Неалагізмы).
- Устойлівыя непадзельныя спалучэнні слоў, якія існуюць у мове як адно сэнсавае цэлае. (Фразеалагізмы.)
- Словы, якія ўжываюцца толькі ў маўленні жыхароў пэўнай мясцовасці. (Дыялектныя.)
- Словы адной і той жа часціны мовы, якія па-рознаму вымаўляюцца і пішуцца, але абазначаюць адзін і той жы прадмет, з’яву ці прымету. (Сінонімы.)
- Словы адной і той жа часціны мовы, якія аднолькава вымаўляюцца і пішуцца, але не маюць нічога агульнага ў лексічным значэнні. (Амонімы.)
- Кнігі, у якіх фіксуюцца словы, пададзеныя ў алфавітным парадку; да слоў даюцца тыя ці іншыя тумачэнні або пераклад на іншую мову. (Слоўнікі.)
- Словы адной і той жа часціны мовы, якія маюць супрацьлеглае значэнне. (Антонімы.)
- Ключавое слова (па вертыкалі). Сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы. (Лексіка.)
Каманды абменьваюцца крыжаванкамі. Праводзіцца ўзаемаправерка (на экране запоўнены варыят крыжаванкі). За кожны правільны адказ – 1 бал.
V. Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак.
Каманда, якая набрала большую колькасць балаў перамагае ў нашай гульні. Дзякую ўсім за вашы ўсмешкі, за вашы веды! Я жадаю ўсім поспехаў! Новых падарожжаў вам і новых цікавых адкрыццяў!
VІ. Дамашняе заданне: заданне 10 на с. 95
По теме: методические разработки, презентации и конспекты
Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Сінтаксіс і пунктуацыя”
План-канспект урока беларускай мовы ў 5 класе. Тып урока: урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў. Форма ўрока: урок-падарожжа. Міжпрадметныя сувязі: беларуская літаратура....
Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Прыслоўе”
План-канспект урока беларускай мовы ў 7 класе. Форма ўрока: урок-падарожжа. Міжпрадметныя сувязі: музыка, беларуская літаратура, здаровы лад жыцця....