ПЕРАКАЗ ЗМЕСТУ ТЭЛЕПЕРАДАЧЫ
план-конспект урока (8 класс)
План-канспект урока беларускай мовы ў 8 класе па тэме "Пераказ зместу тэлеперадачы". Урок развіцця маўлення з выкарыстаннем сучасных метадаў і прыёмаў працы (скрайбінг, шасцівугольнае навучанне, дыдактычныя гульні і інш.)
Скачать:
Вложение | Размер |
---|---|
perakaz_zmestu_teleperadachy_moy.doc | 106.5 КБ |
Предварительный просмотр:
План-канспект урока беларускай мовы ў 8 класе
Тэма: ПЕРАКАЗ ЗМЕСТУ ТЭЛЕПЕРАДАЧЫ
Мэты: спрыяць выпрацоўцы ўмення ўспрымаць змест самастойна прагледжанай тэлеперадачы, вызначаць яе тэму і мэту; выпрацоўваць уменне пераказваць змест прагледжанай тэлеперадачы, папоўніць слоўнікавы запас вучняў; садзейнічаць развіццю вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, ствараць умовы для выхавання культуры ўспрымання тэлевізійнай інфармацыі; дапамагчы замацаваць адпаведныя веды па арфаграфіі.
Тып урока: урок развіцця маўлення.
Ход урока
- Арганізацыйны момант.
Добры дзень, мой восьмы клас!
Вельмі рада бачыць вас!
Зноў да ведаў зробім крок –
Пачынаем наш урок!
У народзе кажуць: “Добра таго вучыць, хто хоча ўсё ведаць”.
- Якія пытанні ўзніклі ў вас у час выканання дамашняга задання? З якімі цяжкасцямі сустрэліся?
Тады адразу бяромся за справу!
ІІІ. Уступнае слова настаўніка з элементамі гутаркі.
Настаўнік. Сёння ў нас не просты ўрок, а ўрок развіцця маўлення. Мы будзем рыхтавацца да пераказу. Нагадаю, што пераказ — гэта адзін з відаў звязнага маўлення, пісьмовая або вусная перадача сваімі словамі чаго-небудзь прачытанага, пачутага. Ён спрыяе выпрацоўцы ўменняў і навыкаў слухаць і запамінаць, выкарыстоўваць адпаведныя моўныя сродкі пры ўзнаўленні пачутага, прачытанага ці прагледжанага. Гэты від працы ўзбагачае слоўнікавы запас, замацоўвае веды па граматыцы і арфаграфіі.
Але пераказ у нас сёння своеасаблівы. Кожны будзе пераказваць змест сваёй любімай тэлеперадачы. Я таксама раскажу пра адну тэлеперадачу.
Глядзела я яе ў суботу. Не памятаю ўжо, як называецца. Вядзе яе мужчына з лысінкаю. Сядзелі ў студыі яшчэ два суразмоўнікі. Ну, той нешта спытаў у іх, тыя пачалі адказваць. Той быў згодны, а другі не. Той кажа: "Дакажыце". I другі пачаў нешта даводзіць. Пагаварылі яны яшчэ крыху ды развіталіся.
- Ну што, заінтрыгавала я вас? Захацелася вам паглядзець гэту перадачу? (Гучаць адказы.) Чаму? (Гучаць адказы.) Дык якую мэту мы паставім сёння перад сабой? (Вучні зробяць выснову, што ім неабходна навучыцца пераказваць тэлеперадачу змястоўна, даступна, цікава, без памылак)
III. Асноўная частка ўрока.
1.Анкетаванне.
2. Аналіз анкетавання "Тэлебачанне ў маім жыцці" (Насця Кахавец)
- У анкетаванні прынялі ўдзел вучні 3-9 класаў нашай школы.
Усяго ___ чалавек.
Першае пытанне было такім: “Колькі гадзін выхаднога дня вы праводзіце каля тэлевізара?
Большасць вучняў адказалі____ гадзін.
“Ці можаце вы ўявіць сваё жыццё без тэлевізара?” – гэта было другое пытанне.
___ вучняў адказалі, што ТАК (МОГУЦЬ уявіць) або НЕ (НЕ МОГУЦЬ).
На пытанне “3 якой мэтай вы кожны дзень уключаеце тэлевізар?” ___ вучняў адказалі, што _______________________________
Наступнае пытанне было такім: “Ці ўсё пачутае і ўбачанае па тэлевізары трэба ўспрымаць як праўду?” – ТАК (НЕ) – адказала _____ вучняў.
І апошняе пытанне: “Кажуць, што тэлебачанне настолькі запаланіла наша жыцце, што людзі перасталі наведваць тэатры, кінатэатры, бібліятэкі. Дык, можа, яго трэба забараніць?”
Нашы вучні лічаць ТАК (НЕ). Гэта большасць.
Яшчэ аказалася, што ў ____ вучняў дома зусім няма тэлевізара.
Пытанні | Адказы вучняў |
1. Колькі гадзін выхаднога дня вы праводзіце каля тэлевізара? | 12 гадзін. — 9 вучняў 6—8 гадзін. — 8 вучняў 4—5 гадзін. — 6 вучняў 2—3 гадзіны. — 2 вучні |
2. Ці можаце вы ўявіць сваё жыццё без тэлевізара? | Так. — 4 вучні Не. — 19 вучняў Не ведаю. — 2 вучні |
3.3 якой мэтай вы кожны дзень уключаеце тэлевізар? | Адпачыць. — 11 вучняў Убачыць што-небудзь цікавае. — 6 вучняў Даведацца пра навіны. — 4 вучні Іншае. — 4 вучні |
4. Ці ўсё пачутае і ўбачанае па тэлевізары трэба ўспрымаць як праўду? | Так. — 1 вучань Не. — 21 вучань Не ведаю. — 3 вучні |
5. Кажуць, што тэлебачанне настолькі запаланіла наша жыцце, што людзі перасталі наведваць тэатры, кінатэатры, бібліятэкі. Дык, можа, яго трэба забараніць? | Так. — 0 вучняў Не. — 25 вучняў Не ведаю. — 0 вучняў |
Настаўнік. Тэлебачанне — гэта цэлы свет, ні на што не падобны. Яно трывала замацавалася ў нашым паўсядзённым жыцці. Амаль у кожным доме, у кожнай кватэры ёсць гэты чароўны блакітны экран, які прыцягвае ўвагу і дзяцей, і дарослых.
Калі вы ўжо паспелі пазнаёміцца з вынікамі анкетавання, то заўважылі, што кожны вучань вашага класа праводзіць каля тэлевізара ў сярэднім -__ гадзін выхаднога дня. Ці добра гэта? (Гучаць адказы.)
Уявіць сваё жыццё без тэлевізара змаглі толькі ____ вучні. А такія часы (без тэлебачання) былі. I сёння мы пра гэта даведаемся больш падрабязна.
2. Заслухоўваецца паведамленне вучня
"Гісторыя ўзнікнення тэлебачання" (Таня Завадская)
Назва “тэлебачанне” паходзіць ад грэчаскага “тэле” (далёка) і лацінскага “візіо” (бачанне).
Тэлебачанне – перадача адлюстравання на адлегласці. Людзі здаўна марылі аб гэтым: успомніце казкі з іх чароўным люстэркамі і сподачкамі з наліўнымі яблыкамі, якія маглі паказаць, што адбываецца “за краем свету”.
Яшчэ ў 1907 годзе прафесар Б. Г. Розінг прапанаваў спосаб перадачы адлюстравання на адлегласці, а 22 мая 1911 года адбылася першая ў свеце "тэлеперадача" — на маленькім экране засвяцілася нерухомая кропка.
Першыя рэгулярныя тэлеперадачы ў нашай краіне пачаліся ў канцы 30-х гадоў, а на пачатку 50-х у многіх дамах засвяціліся "блакітныя экраны". Першыя тэлевізары мала нагадвалі сучасныя: экран быў велічынёй з паштоўку, і, каб разгледзець вобраз, да тэлевізара прыстаўлялі вялікае павелічальнае шкло. Першыя праграмы ішлі ў прамым эфіры: перадавалася толькі тое, што рэальна адбывалася ў дадзены момант. Сёння часцей за ўсё перадачы рыхтуюць загадзя, запісваюць і ў неабходны момант перадаюць у эфір.
Безумоўна, не ў кожным доме ёсць тэлевізар, але сучаснаму дзіцяці цяжка ўявіць, што, скажам, 40 гадоў назад тэлевізар быў большай рэдкасцю, чым сёння — спадарожнікавая антэна.
Сёння тэлебачанне аб'ядноўвае ўсе іншыя мастацтвы. Дзякуючы яму мы можам убачыць шэдэўры (лепшыя творы) у музеях любой часткі свету, пазнаёміцца з мастацтвам розных народаў. Акрамя гэтага, на экране нас цешаць такія ўзоры мастацтва, стварыць якія можна толькі сродкамі тэлебачання, напрыклад, дуэт спевакоў, адзін з якіх у гэты момант знаходзіцца ў Мінску, а другі — у Беластоку.
Тэлевізар у доме — своеасаблівае "акно ў свет". 3 яго дапамогай мы можам даведацца пра апошнія навіны, паглядзець самы новы ці зусім забыты стары фільм. Музей, тэатр, стадыён — туды мы таксама можам трапіць з да-памогай тэлебачання.
Настаўнік. Нішто не стаіць на месцы, усё развіваецца. Адбываецца гэта і з тэлебачаннем. Сёння яно шматканальнае, разнастайнае па тэмах, адрасаванае людзям рознага ўзросту. Вы паведамілі, што ўключаеце кожны дзень тэлевізар з мэтай адпачыць, убачыць нешта цікавае, даведацца пра навіны.
Сапраўды, тэлеперадачы асвятляюць розныя тэмы, маюць свае мэты і задачы, у залежнасці ад гэтага яны падзяляюцца на інфармацыйныя, забаўляльныя, спартыўныя, музычныя, пазнавальныя.
3. Праца ў парах
На дом вучні атрымалі заданне паглядзець сваю любімую тэлеперадачу і падрыхтаваць пераказ яе самага цікавага моманту. На ўроку васьміцікласнікі размяшчаюцца па парах у залежнасці ад віду тэлеперадач, якія збіраюцца пераказваць. Атрымліваецца 6 пар: "Інфармацыйныя тэлеперадачы", "Забаўляльныя тэлеперадачы", "Спартыўныя тэлеперадачы", "Музычныя тэлеперадачы", "Пазнавальныя тэлеперадачы", “Інтэлектуальныя”.
Кожнай пары прапануюцца для разгляду наступныя пытанні і заданні:
1) Згадайце вядомыя вам назвы тэлеперадач прапанаванага віду.
2) Якая іх мэта?
3) Перакажыце самыя галоўныя ці самыя цікавыя моманты некалькіх тэлеперадач дадзенага віду.
1 пара. Вызначце мэты спартыўных тэлеперадач. Прывядзіце прыклады такіх перадач (пасля выказвання дзяцей – увага на экран з мэтай падагульніць сказанае)
Мэта спартыўных тэлеперадач: прывіццё цікавасці да спорту, да ЗЛЖ, аздараўленне народа, уцягненне людзей у заняткі фізкультурай, прафілактыка і прадухіленне розных захворванняў і правапарушэнняў і іншых негатыўных з’яў і інш.
Прыклады перадач: “Вялікія гонкі, “Апошні герой”, “Ледніковы перыяд”, “Зоркі на лёдзе”, “Вышка”, “Разам з дэльфінамі” і інш.
2 пара. Вызначце мэты музычных тэлеперадач. Прывядзіце прыклады такіх перадач (пасля выказвання дзяцей – увага на экран з мэтай падагульніць сказанае)
Мэта музычных тэлеперадач: пошук юных талентаў, адбор вакалістаў, якія спяваюць у розных жанрах, на розных мовах, выбар лепшых музычных твораў, прывіццё музычнага густу, уцягненне ў музычнае мастацтва, развіццё культуры, захаванне песеннай спадчыны і інш.
Прыклады перадач: “Голас”, “Песня года”, “Наперад у мінулае”, “ Угадай мелодыю”, “Паўтары, калі зможаш” і інш.
3 пара. Вызначце мэты пазнавальных тэлеперадач. Прывядзіце прыклады такіх перадач (пасля выказвання дзяцей – увага на экран з мэтай падагульніць сказанае)
Мэта навукова-пазнавальных тэлеперадач: папулярызацыя навукі, развіццё ўмення адбіраць, карыстацца інфармацыяй, дапамагчы гледачу зарыентавацца ў асноўных накірунках развіцця навукі і тэхнікі і інш.
Прыклады: “Цуда тэхнікі”, “Як гэта зроблена”, “Галілеа”, “Здароўе”, “Хачу гэта ўбачыць”, “Падарожжа дэлетанта”, “Гарады Беларусі” і інш.
4 пара. Вызначце мэты забаўляльных тэлеперадач. Прывядзіце прыклады такіх перадач (пасля выказвання дзяцей – увага на экран з мэтай падагульніць сказанае)
Мэта забаўляльных тэлеперадач: развіццё творчых здольнасцей, пачуцця гумару, уцягненне ў сцэнічнае (тэатральнае) майстэрства, выкрыццё чалавечых заганаў, паказаць гледачу, які таксама сутыкнуўся з узнятай праблемай, што ён не адзін і інш.
Прыклады: “КВЗ” (“Клуб вясёлых і знаходлівых”), “Сам сабе рэжысёр”, “Розыгрыш”, “Зразумець. Дараваць”, “Давай пажэнімся” і інш.
5 пара. Вызначце мэты інтэлектуальных тэлеперадач. Прывядзіце прыклады такіх перадач (пасля выказвання дзяцей – увага на экран з мэтай падагульніць сказанае)
Мэта інтэлектуальных тэлеперадач: развіццё пазнавальнай цікавасці, эрудыцыі, умення разважаць, лагічнага мыслення, павышэнне інтэлектуальнга і культурнага ўзроўняў і інш..
Прыклады: “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Разумнікі і разумніцы”, “Свая гульня”, “Сто да аднаго” і інш.
6 пара. Вызначце мэты інфармацыйных тэлеперадач. Прывядзіце прыклады такіх перадач (пасля выказвання дзяцей – увага на экран з мэтай падагульніць сказанае)
Мэта інфармацыйных тэлеперадач: своечасова, аб’ектыўна і прафесійна асвятляць галоўныя падзеі ў палітычныай, эканамічнай, сацыяльнай, духоўнай сферы жыцця насельніцтва, паведамляць пра галоўныя падзеі ў рэгіёне, краіне, свеце, інфармаваць насельніцтва, фарміраваць пазітыўнае грамадскае меркаванне і інш.
Прыклады: “Навіны”, “У цэнтры падзей”, “Спецыяльны рэпартаж”, “Актуальнае інтэрв’ю”, “Галоўны эфір”, “Надзвычайнае здарэнне” і г.д.
7. Скрайбінг
- Якую эмблему (сімвал) вы падабралі б для свайго віда телеперадач?
- Памятаце, гэта павінен быць вельмі просты, лёгкі сімвал, які адразу пакажа, пра што ідзе размова.
- Намалюйце яго на дошцы (працуюць адначасова 3 вучні).
- А ці могуць быць тэлеперадачы музычна-забаўльнымі, спартыўна-забаўляльнымі, пазнавальна-забаўляльнымі і г.д. (паказваць стрэлкамі). Канешне, могуць. Часцей за ўсё, усе, акрамя інфармацыйных, змяшчаюць у большай ці меншай ступені элементы забаўляльнасці.
Вось зараз мы з вамі пазнаёміліся з такім паняццем як скрайбінг.
Скрайбінг – спосаб падачы інфармацыі, пры якім мова выступоўцы ілюструецца ў рэжыме рэальнага часу малюнкамі або аплікацыяй на дошцы ці на паперы.
А зараз увага! У ролі аўтара новай уласнай тэлеперадачы спрабаваў сябе Нарывончык Саша. Гэта было папярэдняе індывідуальнае заданне. Цікава, што атрымалася. Саша, табе слова
- Да якога віда можна аднесці гэтую тэлеперадачу?
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
- Устаньце з-за парт, калі ласка.
Я называю тэлеперадачы, а вы дэманструеце з дапамогай мімікі і жэстаў тыя дзеянні, што там адбываюцца:
- “Іграй, гармонь”
- “Лепш за ўсіх”
- “Танцы”
- Калыханка”
- “Што? Дзе? Калі?”
- “Модны прыгавор”
- “Гаворым і паказваем”
- “Вялікія гонкі”
- “Ты супер!”
Вы ўсе ў мяне супер! Дзякую за артыстызм. Сядайце, калі ласка!
Працягваем працу! Увага на экран!
8. Знаёмства з планам-алгарытмам пераказу тэлеперадачы
- З якіх частак будзе складацца ваш пераказ?
Давайце прачытаем.
План-алгарытм пераказу тэлеперадачы
Часткі пераказу | Тэмы | Асноўныя пытанні |
І. Уступ | Тэлебачанне і мы Гісторыя яго ўзнікнення | 1. Што такое тэлебачанне? 2. Якое значэнне яно мае ўвашым жыцці? 3. Як і калі з'явілася? 4. Як выглядае сёння? |
2. Асноўная частка | Любімая тэлеперадача, яе змест | 1. Якая назва тэлеперадачы? 2. Раскажыце пра гісторыю яе ўзнікнення. 3. Якая яе мэта? Тэма? 4. Хто яе вядучы? Аўтар? Удзельнікі? 5. Раскажыце аб правілах ці парадку правядзення тэлеперадачы. 6. Перакажыце самыя галоўныя ці самыя цікавыя эпізоды гэтай перадачы. |
3. Заключная частка | Роздум і ўражанні | 1. Ацаніце майстэрства вядучага, паводзіны і выказванні ўдзельнікаў, культуру іх маўлення. 2. Ці дасягнута мэта перадачы? 3. Раскажыце аб сваіх уражаннях, якія ўзніклі пасля прагляду тэлеперадачы. 4. Ці будзеце вы раіць іншым паглядзець яе? |
9. Інтэрактыўны прыём “ШАСЦІВУГОЛЬНАЕ НАВУЧАННЕ” (“Гексы”)
Зараз мы будзем працаваць з гексамі. Тэхніка адносна новая, але, я ведаю, вы ведаеце яе сутнасць. Кожнай групе я прапаную набор гексаў па тэме: “Пераказ тэлеперадачы”. Ваша задача – размеркаваць карткі па катэгорыях, пры гэтым гексы размяшчаюць адзін побач з другім, каб выдзяліць сувязі паміж апісанымі фактамі. Калі зразумееце прынцып, правільа размяціце гексы, то атрымаеце выдатны прыклад, як пісаць пераказ. Адна падказка – глядзіце на экран і шукайце сувязь.
Любімая телеперадача
Уступ
Тэлебачанне мае важную ролю ў жыцці сучаснага чалавека.
Гэта сапраўднае акенца ў свет.
Зразумела, што тэлебачанне мае свае перавагі і недахопы.
Але я цаню свой час і гляджу толькі карысныя, цікавыя праекты.
Асноўная частка
Мая любімая тэлеперадача – “Размаўляем па-беларуску”.
Гэта камандная тэлегульня вытворчасці тэлерадыёкампаніі «Гомель», заснаваная ў верасні 2014 года.
Тэлевіктарына “Размаўляем па-беларуску” - праект аб правільным выкарыстанні беларускай мовы.
Вядучай і галоўнай суддзёй з’яўляецца Алена Трацэнка.
Удзельнікі гульні адказваюць на цікавыя пытанні на веданне беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, мастацтва.
Удзельнічаюць 2 каманды па 3 чалавекі.
Віктарына складаецца з 5 гульнявых эпізодаў: «Прыгадваем», «Перакладаем», «Тлумачым», «Ужываем» і «Цытуем»
Заключная частка
Вядучая падабаецца мне за аптымізм і прафесіяналізм.
Лічу, што гэтая перадача вельмі карысная для прагляду кожнаму беларусу.
Глядзіце кожную суботу ў эфіры “Беларусь 3”!
Атрымалася своеасаблівая мазаіка пра телеперадачу “Размаўляем па-беларуску”. Хто глядзеў яе? Увага на экран!
10. Відэа “Размаўляем па-беларуску” (урывак)
- Распрацоўка формы пераказу.
Настаўнік. Паколькі ў нас сёння не просты пераказ, то і яго форма можа быць незвычайнай. Вось калі запісаць тыя сказы, што дадзены на картках і так, як вы іх размясцілі, то атрымаецца звычайны пераказ. Канешне, сказаў там павінна быць больш (аб’ём такой працы для 8 класа 1,5-2 старонкі).
Паслухайце яшчэ прыклад пераказу і вызначце, у якой форме ён напісаны (чытае вучань)
а) Форма ліста (электроннага паведамлення)
б) Форма дыялога.
В) Формы пераказу
Форма дыялога.
Вечар. За акном цёмна. За хмарамі схаваліся ледзь бачныя зоркі. Матуля недзе ў суседкі. Сястра гуляе ў лялькі. Я гляджу тэлевізар. Чую званок. Адчыняю дзверы. Гэта тата вярнуўся з працы. Я саджуся ў крэсла і далей гляджу тэлевізар. Тата заходзіць у залу.
— А што гэта ты робіш?
- Я гляджу тэлеперадачу "Зразумець. Дараваць". Вельмі карысная!
- Чым жа яна карысная?
- Тут апісваюцца рашэнні розных жыццёвых сітуацый, якія абавязкова дапамогуць у будучыні.
- А хто яе вядзе?
- Барыс Ягораў і Галіна Цімашэнка. Гэта вопытныя псіхолагі, якія з радасцю гатовыя падзяліцца з тэлегледачамі сваёй мудрасцю і жыццёвым разуменнем.
- Сынок, гэта ж нейкі серыял?
- Не, тата. Кожны выпуск гэтага тэлепраекта - гэта асобная гісторыя цяжкіх сямейных узаемаадносін.
- А гісторыі гэты, я так разумею, выдумка, нечыя фантазія.
- І тут не ўгадаў. Сюжэты, што трапляюць у праграму “Зразумець. Дараваць”, адбываліся ў рэчаіснасці, у жыцці кліентаў псіхааналітыкаў. Змяняюцца толькі імёны і прозвішчы.
- Я ведаю, сынок, што ты хочаш пайсці вучыцца на псіхолага. У цябе, сапраўды, добрыя здольнасці да гэтай прафесіі.
- Так, тата, ты маеш рацыю. Прагляд перадачы «Зразумець. Дараваць» мне вельмі неабходны. Але я думаю, што ён будзе карысны кожнаму чалавеку. Народная мудрасць кажа: дурны вучыцца на сваіх памылках, а разумны – на чужых. Дзякуючы тэлепраекту, мы можам з лёгкасцю прымаць жыццёва важныя правільныя рашэнні.
— Цікава-цікава! — сказаў тата. —Трэба мне знайсці хвілінку, каб паглядзець гэту тэлеперадачу. А лепш - параю нашай маме! - Паглядзіце, татка, разам!
- Можа, вы прапануеце яшчэ якія-небудзь цікавыя формы для пераказу тэлеперадачы?
IV. Слоўнікавая работа
а) Тлумачэнне слоў і словазлучэнняў: анонс, тэлевядучы, дыктар, маналог, дыялог, ток-шоу, прамы эфір, запіс праграмы.
б) Падбор кантэкстуальных сінонімаў да слоў тэлевізар (тэлеэкран, чароўная скрынка, блакітны экран і інш.), удзельнікі {госці, ігракі і інш.), тэлевядучы (вядучы, дыктар і інш.).
Паўтарэнне неабходных ведаў па арфаграфіі.
а) Тлумачым правапіс уласных назваў
Правапіс вялікай літары ў імёнах і прозвішчах:
Дзяніс Кур’ян, Аляксандр Аверкаў, Яўгеній Перлін, Леанід Якубовіч, Іван Ургант, Барыс Крук, Аляксандр Маслякоў, Віктар Гусеў, Алена Малышава, Марыя Шукшына, Максім Галкін, Дзмітрый Нагіеў.
б) Выпраўляем памылкі:
Правапіс уласных назваў: “Размаўляем па-беларускуу”, "Поле цудаў", "Чакай мяне", "Нашы навіны", “Лецішча”, “Што? Дзе? Калі?”, "Добрай раніцы, Беларусь!", “Я хачу гэта ўбачыць”, “Арол і рэшка”.
V. Заключная гутарка.
Настаўнік. Нарэшце, хачу выказаць сваю задаволенасць. У выніку папярэдняга анкетавання высветлілася, што амаль усе з вас далі адмоўны адказ на пытанне "Ці павінны вы ўсё пачутае і ўбачанае па тэлевізары ўспрымаць як праўду?". Цудоўна, што вы разважаеце над пачутым і ўбача-ным, што вы маеце сваё, уласнае меркаванне па розных тэмах.
- Сёння канстатуюць: тэлебачанне настолькі запаланіла наша жыццё, што людзі перасталі наведваць тэатры, кінатэатры, бібліятэкі. Дык, можа, яго трэба забараніць?
Каменціраванне і выстаўленне адзнак.
- За анкетаванне
- Уласную тэлеперадачу
- Паведамленне
- Працу ў парах, групах (найбольш актыўныя)
VІ. Рэфлексія.
- Пра што новае вы даведаліся на ўроку?
- Што прымусіла задумацца?
- Ці быў для вас гэты ўрок карысным? Чаму?
- Пераказ якой тэлеперадачы вы будзеце рыхтаваць?
- Хто задаволены вынікам сённяшняга ўрока, усміхніцеся, а хто незадаволены — адвярніцеся.
VІІ. Дамашняе заданне. Дапісаць пераказ любімай тэлеперадачы, карыстаючыся планам-алгарытмам.